Валерыя Чарнаморцава Valierya Charnamortsava

* 1978

  • "Яны канешне спрабавалі для галачкі мяне завербаваць, але я, дзякуючы таму, што я запісвала ўспаміны, і вот дзякуючы Эрнсту Канстанцінавічу Сабілу, я лічу, што вельмі ўдала саскочыла. То бок, я не сказала ні так, ні не, я проста расказала гісторыю, якую мне распавядаў у свой час гэты наш пастар Сабіла. Калі ў савецкі час спрабавалі завербаваць маладую баптыстку, запыталіся яе, сказалі: „Ці будзеш нам распавядаць, што ў вас там адбываецца на сходах вашых?“ Яна кажа: „Ну, я не ведаю, я падумаю.“ „Ну, добра, праз тыдзень прыходзь.“ Праз тыдзень прыходзіць: „Ну і што, падумала?“ „Ну, слухайце, з кім я не раілася, ніхто не раіць з вамі супрацоўнічаць.“ Якбы яны зразумелі, што нават калі яны мяне прымусяць там падпісаць штосьці, я, як толькі выйду, я канешне адразу ад гэтага адмоўлюся. Таму яны нават не спрабавалі больш ціснуць, нічога, зразумелі, што гэта бессэнсоўна. Так што я нічога не падпісвала, дзякуй Богу, у пэўным сэнсе сумленне мае чыстае."

  • "У той момант там проста выбілі дзверы, АМАП. Наручнікі (кайданкі), мордай у падлогу. Ну, я як бы вырашыла, што мне фіга, лягу на ложак, з якога я толькі што ўстала, калі захочуць, могуць мяне перасоўваць, але не захацелі. Адзінае, што как бы нашантажавалі мяне, каб узяць… Я разумела, што так ці інакш, канешне, пароль ад смартфона возьмуць, ці выб'юць, ці сама скажу. Нейкі час я спрабавала супраціўляцца, но яны мяне проста шантажавалі, што я паеду, вот ну… А я ж, я как бы была… ну, я спала. Я была, ну, у ніжняй бялізне, скажам так, і яны мне сказалі „Альбо мы даем цябе магчымасць апрануцца,“ а я ж разумела, куды я еду, как бы, „альбо – ну, ты даеш нам пароль, а мы даем, або ты едзеш так проста.“ Ну, давялося ўсё ж такі даць пароль. У Телеграме там у мяне нічога не было, але вось Фэйсбук, канешне, яны высачылі мой Фэйсбук. Вот гэта я да гэтага часу шкадую. Ноўтбук яны мне пакуль што не зламалі, у тым ліку базы маіх вандроўнікаў. Я ўсё перажывала, самае галоўнае для мяне было не здаць іншых людзей. Не стаць прычынай арышту іншых людзей. Не знаю. Пакуль што я прынамсі пра гэта не ведаю, каб я стала, і, ну, вельмі спадзяюся, што не возмуць. Вось гэта самае для мяне важнае."

  • "Гэтае месца, Курапаты, гэта такое... ну, як... знакавае месца для Беларусі, як Катынь напэўна для палякаў; у іх таксама вакол гэтага трагедыя 2010 года [Смаленская катастрофа 10.04.2010]. А для беларусаў гэтае месца Курапаты... Я, калі праводзіла гэты такія сваі вандроўкі, шпацыры, я казала, што гэта якбы пэўная лакмусавая паперка: як толькі Курапаты нарэшце стануць такім месцам, дзе... ужо месцам супакою, а не месцам змагання, бо гэта месце змагання дабра і зла, праўды і маны. І яно да гэтага часу вот такое; гэта такая балючая кропка знакавая. Калі яно супакоіцца, калі яно будзе ўжо такім нармальным мемарыялам, гэта будзе азначаць, што мы нарэшце пераадолелі гэтую саўковасць, нашае грамадства, што мы нарэшце пакінулі яе, пакаяліся, можа нават не пакаяліся, а можа быць... можа пакаянне незусім. Гэта павінна быць агульнае нейкае прызнанне, агульнае разуменне, што такое былі рэпрэсіі. Менавіта таму, што беларускае грамадства не прызнала, не асудзіла – асуджэнне павінна было быць, агульнае грамадскае асуджэнне. Не асудзіла тагачасныя рэпрэсіі, савецкія, сталінскія, цяпер мы зышлі на другое кола. Цяпер мы перажываем другі 1937 год, нашае грамадства. І таму для нас, канешне, Курапаты, для беларускага грамадства, гэта такая..., такое месца знакавае."

  • "Я ўсіх заўсёды агітавала: ідзіце, глядзіце самі, калі вы мне не верыце, глядзіце самі, што выбараў у нас няма. І ў дваццатым годзе акурат вельмі шмат новых людзей прыйшло, скарысталіся гэтым. Але калі я прыйшла на свой участак, я паглядзела, што там ужо ўсіх выдалілі. Нават не тое, што выдалілі, іх не пускалі ў прынцыпе. Но іх пазбавілі акрэдытацыі, усіх, акрамя праўладных, падсадных. І я тады хуценька пабегла па суседзях, сабрала подпісы, прыйшла за дзесяць хвілін да закрыцця і думала – патраплю хаця б на падлік галасоў. Ну, я ведала ўсю гэту працэдуру, ужо сто разоў бачыла. І гляжу – чатыры чалавекі сядзяць. Я села пятай, но мне сказалі – альбо ты зараз выходзіш, альбо мы цябе арыштоўваем. Ну, ясна, што давялося выйсці. Але мы тады стаялі да ўпора [пад дзвярыма], чакалі. Но на жаль, на нашым участку ўсё такі не вырашыліся вывесіць сапраўдныя вынікі. Па іх прыехаў АМАП. АМАП прыехаў не па нас, АМАП прыехаў па выбарчую камісію. Яны прайшлі такім калідорам ганьбы, прычым мы не ведаем, куды іх павезлі. Кагосьці напэўна павезлі да хаты, а кагосьці павезлі, напэўна тых, хто быў нязгодны падпісаць фальсіфікаваны пратакол, напэўна… Таму што людзі пачалі ў гэтых камісіях…, менавіта ў дваццатым годзе многія пачалі хацець, паставіць сапраўдныя выбары, вынікі галасавання. Сапраўдныя пратаколы напісаць. У некаторых гэта атрымалася, но так разумею, што тых, хто напісаў сапраўдны пратакол, іх везлі адразу ў пастарунак, не дахаты."

  • "У нас у школе быў такі гісторык, калі можна гэта так назваць. Вельмі складаны чалавек, зараз я разумею, ён проста быў вельмі хворы, у яго быў рак, у яго быў выразаны страўнік, і такое пачуццё, што гэта жоўць, каторой не было там куды, або страўнікавыя сокі… Ён быў такі сухі, якбы жоўты ўвесь, і быў вельмі злосны. І ў яго былі гнілыя ўсе зубы, яны яму тырчалі, я памятаю, што называлі яго вампірам. Ён – рэальна такое пачуццё, што ён ненавідзеў усіх. Але ён не прызнаваў беларусаў за нацыю, напрыклад. І ён нам задаваў перапісваць... Ну, мы прыходзілі на ўрок, і ён даваў перапісваць падручнік. Падручнікі тады былі добрыя, менавіта такія – не падручнікі, а дапаможнікі па гісторыі. Іх акурат зрабілі, толькі-толькі, у пачатку 90-х гадоў. І там даволі добрыя былі рэчы, такія як Вялікае Княства Літоўскае. А ён проста задаваў нам перапісваць. Але я з ім пачала спрачацца. Вось была такая гісторыя, што ён усім задаваў..., усе перапісвалі некалькі пытанняў, а са мной ён увесь урок спрачаўся, і пасля ставіў мне пары [двойкі] за тое, што я не напісала. Я не магла напісаць, таму што я з ім спрачалася. Ён адмаўляў існаванне беларускага народа, беларускай нацыі, і адпаведна я, каб з ім спрачацца, мне трэба было чытаць, неяк рыхтавацца. Я не дзякуючы, а насуперак яму стала цікавіцца гісторыяй Беларусі."

  • Celé nahrávky
  • 1

    Praha, 02.09.2024

    (audio)
    délka: 02:30:32
    nahrávka pořízena v rámci projektu Memory and Conscience of Nations
Celé nahrávky jsou k dispozici pouze pro přihlášené uživatele.

Божа, барані Беларусь!

Валерыя Чарнаморцава, Прага, 2024
Валерыя Чарнаморцава, Прага, 2024
zdroj: Post Bellum

Валерыя Чарнаморцава — арганізатар і экскурсавод краязнаўчых падарожжаў па беларускіх і замежных мясцінах, звязаных з айчыннай гісторыяй. Доўгатэрмінова займаецца тэмай сталінскіх рэпрэсій і ГУЛАГу. Нарадзілася 6 лістапада 1978 года ў Мінску. Абодва родзічы былі архітэктарамі, але бацька, які быў габрэем, з‘ехаў у Ізраіль яшчэ да нараджэння дзяўчынкі. Маці выхоўвала яе адна. На погляды і настроі маладой Валерыі паўплывалі класічная беларуская літаратура, песні спевака Данчыка, беларускамоўная бабуля, краязнаўчы гурток «Беларуская хатка». Як адмоўны прыклад паўздзейнічаў на яе настаўнік гісторыі, які адмаўляў усё беларускае, чым матываваў школьніцу гэтым цікавіцца. У 1996 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт радыёэлектронікі на спецыяльнасць «эканамічны інфарматык». Пасля заканчэння вучобы працавала праграмістам на заводзе. Адначасова пачала арганізоўваць краязнаўчыя экскурсіі, і з цягам часу гэта стала яе асноўным заняткам. У межах праграмы «Пакаянне», арганізаванай партыяй Беларуская хрысціянская дэмакратыя, запісвала ўспаміны і сведчанні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, былых вязняў савецкіх ГУЛАГаў і людзей, якія прайшлі праз турмы рэжыму Лукашэнкі. У 2023 годзе сама Валерыя была затрыманая на тры месяцы ў межах няспыннага пераследу ўдзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў. У выніку ёй прысудзілі два з паловай гады хатняга арышту. Ёй удалося эміграваць, зараз жыве ў Літве ў Вільні. Вучыцца ў магістратуры Еўрапейскага гуманітарнага інстытута па спецыяльнасці «Развіццё культурнай спадчыны». Узорам свайго жыцця лічыць беларускую паэтку Ларысу Геніюш і вельмі ўсцешаная тым, што 9 жніўня 2024 года з рук абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай атрымала медаль імя Ларысы Геніюш. Актыўная праваслаўная хрысціянка, веру лічыць апорай у сваім жыцці.