«Дык вось, 12 сутак на Акрэсціна, і потым трое сутак у СІЗА КДБ мяне пратрымалі. Самая вялікая прэтэнзія да мяне была ў тым, што я адмаўляюся назваць імя чалавека, які быў маім кантактам з тых людзей, якія падтрымлівалі кампанію [прэзідэнцкую кампанію Андрэя Саннікава] з-за мяжы. Я адмовіўся называць ягонае прозвішча, казаў, што не памятаю. Іх гэта раздражняла. Яны хацелі даць мне ўрок: калі будзеш такім упартым, цябе чакае турма, ці ў цябе будуць праблемы. У рэшце рэшт, праблемы надышлі. Яны прыйшлі да мяне ў камеру ў СІЗА з копіяй пашпарта гэтага чалавека і пытаюцца: “Гэта ён?” Я кажу: “Да”. “Чаму ты нам адразу не сказаў, што гэта твой былы калега!?”».
«Вядома, і сама праца ў МЗС, і тое, што ў мяне быў накіраванне «права чалавека», узмацнялі ўнутраны ціск. Мой унутраны дыялог працягваўся: чаму я застаюся часткай гэтай сістэмы, калі яна настолькі антыбеларуская, антынацыянальная антыдзяржаўная. Мне не хацелася быць часткай гэтага. Разам з тым я бачыў, што ў мяне добра атрымліваецца працаваць у гэтай сістэме: у мяне ёсць неабходныя навыкі і добрая рэпутацыя, мяне нармальна ўспрымаюць партнёры. Мне не хацелася пакідаць гэтае месца, было пачуццё, што я яшчэ магу прыносіць карысць нашай краіне. Разам з гэтым я разумеў, што ўсё менш і менш абшару рабіць нешта карыснае для сваёй краіны, і што я ўсё больш і больш служу рэжыму, фактычна служу інтарэсам самога Лукашэнкі».
«Вашынгтон вельмі палітызаваны горад, і тое, што ты можаш рабіць — шмат у чым залежыць ад узроўню ўзаемаадносін з ЗША. За час кіравання Лукашэнкі, адносіны Беларусі са Злучанымі штатамі былі вельмі няпростымі, яны стварылі некамфортныя і няправільныя пазіцыі для эфектыўнай працы ў Вашынгтоне. Але тым не менш я сваю працу рабіў: ажыццяўляў у пасольстве кантакты з экспертамі, дыпламатычным корпусам, дзяржслужачымі, з Кангрэсам шмат даводзілася працаваць. Тым часам праходзіла ініцыятыва прыняцця «Акту дэмакратыі ў Беларусі» і маёй задачай было не дапусціць яго прыняцця, у мяне была цэлая серыя сустрэч і кансультацый на гэтую тэму з амерыканскімі адмыслоўцамі з Кангрэса. Хоць, пасля цяжкіх перамоваў, закон праз некалькі дзён быў прыняты, мне пашанцавала шмат чаму навучыцца, я зразумеў, як працуе гэтая сістэма, як прымаюцца рашэнні, як прымаюцца законы. Мне ўдалося завязаць сяброўства са сваімі былымі апанентамі. Мне падабалася працаваць у Вашынгтоне, гэта найлепшы ў свеце горад, для тых, хто займаецца міжнароднай палітыкай».
Рызыкуючы жыццём, я не адступіўся ад сваіх перакананняў
Валерый Кавалеўскі — беларускі экс-дыпламат. Нарадзіўся 25 лютага 1976 года ў сяле Беражное Брэсцкай вобласці, тады БСР атрымаў патрыярхальнае выхаванне. Скончыў прэстыжнае аддзяленне міжнародных адносін гістфака БДУ, бізнес-школу ІПМ, затым магістратуру Джорджтаўнскага ўніверсітэта. Быў першым сакратаром па палітычных пытаннях і часовым паслом Беларусі ў Вашынгтоне, ЗША. У 2006 годзе пайшоў з МЗС Беларусі ў знак нязгоды з трэцім прэзідэнцкім тэрмінам А. Лукашэнка. Працаваў у беларускай бізнес-кампаніі высокіх тэхналогій Regula, займаўся інвестыцыямі. У 2010 годзе на прэзідэнцкіх выбарах падтрымаў кандыдатуру Андрэя Саннікава і пасля «перамогі» Лукашэнка быў арыштаваны проста на офісе, утрымліваўся 12 сутак у турме на Акрэсціна і трое ў СІЗА КДБ. У 2012 годзе пад ціскам, аказаным на яго і ягоную жонку адваката Марыну Кавалеўскую, з‘ехаў з жонкай і сынам у ЗША, працаваў у Сусветным банку ў Вашынгтоне, выходзіў на акцыі пратэсту ля амбасады Беларусі, дзе раней быў дыпламатам, і праўкраінскія акцыі. У 2020 годзе прыляцеў у Мінск, каб прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую. Быў затрыманы на адным з маршаў пратэсту, утрымліваўся ў ізалятары на Акрэсціна. У снежні 2020-га Кавалеўскі пакінуў Беларусь, каб узяць удзел у працы ў Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве ў якасці дарадцы па міжнародных пытаннях, зараз працягвае сваю місію ў Польшчы.
Hrdinové 20. století odcházejí. Nesmíme zapomenout. Dokumentujeme a vyprávíme jejich příběhy. Záleží vám na odkazu minulých generací, na občanských postojích, demokracii a vzdělávání? Pomozte nám!